Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў Любанскім раённым Цэнтры культуры. Яркая, урачыстая дзея аб’яднала прадстаўнікоў розных прафесій і ўзростаў, якія шчыра любяць сваю радзіму і праслаўляюць яе стваральнай працай, творчасцю, спартыўнымі дасягненнямі.
З падзякай і віншаваннямі да прысутных звярнулася кіраўнік спраў Мінаблвыканкама Таццяна Шаўцова, якая зазначыла, што наша вобласць мае вялікі патэнцыял, з кожным годам нарошчвае аб’ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, будаўніцтва, стварае базу для развіцця сацыяльнай інфраструктуры, павялічвае экспарт тавараў і паслуг. Дзякуючы чаму сёлета сфарміраваны бездатацыйны бюджэт. І любанчане, канешне, уносяць у агульную скарбонку свой важкі ўклад, прадаўжаюць лепшыя традыцыі папярэднікаў. За шматгадовую плённую працу на карысць роднай Любаншчыны і ў сувязі з юбілеем Міншчыны Таццяна Шаўцова ўручыла медаль «100 год СССР» Івану Сініцкаму, кавалеру ордэна Працоўнай славы трох ступеняў, Ганаровыя граматы аблвыканкама – Андрэю Жуку, электрагазазваршчыку ЖКГ, Уладзіміру Клімовічу, кіраўніку ААТ «Асавец-агра», Аляксандру Лапцеву, начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, Юліі Навуменка, намесніку дырэктара Забалацкай адзінаццацігодкі. Падзяка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта аб’яўлена Таццяне Аляксеевай, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, і Эдуарду Дзікуну, старшаму майстру ўчастка Любанскай ЖКГ.
Прадоўжылі заахвочванне лепшых любанчан старшыні райвыканкама Валерый Мельнік і райсавета дэпутатаў Андрэй Драбудзька. Таксама яны зычылі ўсім мірнага неба і дабрабыту, стабільнасці і поспехаў у справах.
Творчыя падарункі для ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства падрыхтавалі мясцовыя артысты і калектывы, а таксама прафесійныя. Прыемным сюрпрызам для прысутных стала выступленне заслужанай артысткі Беларусі Алёны Ланской і вакальнага ансамбля «Чысты голас».
Урачыстасць атрымалася ўзнёслай і адначасова цёплай. Яна дала старт эстафеце тэматычных канцэртных праграм, якія на працягу тыдня будуць ладзіцца ва ўсіх аграгарадках раёна.